Реферат на тему "Сям я і шлюб у феадальным праве Беларусі"




Реферат на тему

текст обсуждение файлы править категориядобавить материалпродать работу




Курсовая на тему Сям я і шлюб у феадальным праве Беларусі

скачать

Найти другие подобные рефераты.

Курсовая *
Размер: 63.65 кб.
Язык: русский
Разместил (а): Таццяна
1 2 3 4 5 6 7 Следующая страница

добавить материал

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ
ФАКУЛЬТЭТ МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН
КАФЕДРА ГІСТОРЫІ І ТЭОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА

Курсавая праца

 
Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі.
Выканала:
студэнтка  I курса, група 3
Клімовіч  Т. Г.
Кіраўнік:
Шылінская А. У., выкладчык
Мінск
2003
Змест.
I.                  Уводзіны.                                                                                       
II.                Формы шлюбу, іх эвалюцыя. Рэгуляванне шлюбу і яго скасаванне.              1.Формы шлюбу паводле звычаёвага права.                                 2.Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічнным (царкоўным) правам.          3.Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве.                            4.Пытанні спынення шлюбу ў царкоўным і свецкім заканадаўстве.                                                                                                                                 
III.             Прававое рэгуляванне маёмасных дачыненняў у сям’і.                                     1. Пасаг як маёмаснае забеспячэнне жанчыны.                                           2.Інстытут забеспячэння жанчыны– вена.                                               3.Спадчынныя дачыненні ў сям’і.                                                                           4. Апека як інстытут аховы сямейных інтарэсаў.                        5.Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных правах.                         
IV.           Заключэнне.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

УВОДЗІНЫ.

Сям*я- бадай ледзьве ці не самы важны сацыяльны інстытут. У кожным грамадстве яна выконвае жыццева важныя функцыі  і з*яўляецца найбольш прыстасаванай формай існавання чалавецтва. Працэсы, якія адбываюцца ў сям*і  як структурным элеменце грамадства, у сукупнасці ўсебакова ўплываюць на сацыяльнае жыццё джяржавы і наадварот.

Тэма гэтай працы–  пытанні фарміравання шлюбна-сямейнага права і заканадаўства XIVст. і характарыстыка  гэтага элемента прававой сістэмы Вялікага княства Літоўскага.
 Такі аб*ект даследавання абраны не выпакова. XIV-XVI стст. – той час, калі цалкам сфарміравалася прававая сістэма дзяржавы. Прычым працэс гэты адбываўся пад актыўным уплывам эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі, якая выначыла дынамізм праватворчасці і высокі навуковы узровень кадыфікацыі права, вынікам чаго сталіся Статуты 1529, 1566, 1588 гг.
Падчас распрацоўкі Статутаў прававая навука і практыка праз шматлікія намаганні стварылі заканадаўства, што ўвабрала ў сабе новыя , характэрныя эпосе Рэнесансу прынцыпы: прыярытэт пісанага права, першынство закону. Абарона суверэнітэту і г. д. У Статутах знайшлі адлюстраванне ідэі гуманізму і талеранцыі, усталявання прававой дзяржавы.

 

ФОРМЫ ШЛЮБУ, ІХ ЭВАЛЮЦЫЯ.

РЭГУЛЯВАННЕ ШЛЮБУ І ЯГО СКАСАВАННЕ.

1.Формы шлюбу паводле звычаевага права.
Першы вядомы сёння ўспамін пра формы шлюбу ў славян паганскага часу сустракаецца ў "Аповесці мінулых гадоў". Летапіс згадвае шлюбныя звычаі драўлян, радзімічаў ды іншых плямёнаў, змяшчае звесткі аб трох формах шлюбу: крадзеж "каля вады", вывядзенне паводле папярэдняй змовы, прывядзенне нявесты ў дом жаніха.
Такія формы шлюбу, як крадзеж, купля жонкі, вядомыя ў гісторыі з часу ўзнікнення парнага шлюбу[1]  у перыяд пераходу ад палігаміі да манагаміі..
На зямлі сучаснай Беларусі гэты этап супаў з прыняццем хрысціянства, пераходам ад паганскай культуры да хрысціянскай. Хрысціянства, шчыльна звязанае з інстытутам шлюбу і сям'і, у многім вызначыла яе якасныя характарыстыкі, пра што яскрава сведчаць вядомыя старажытныя статуты — Уладзіміра і Яраслава.
Інстытут шлюбу і сям'і паводле звычаёвага права беларусаў  даследваўся ў працах М.Доўнар-Запольскага, М.Нікольскага, Я.Карскага ды іншых вучоных найперш у аспекце традыцыі..
Даследванні паказалі, што вясельная абраднасць у Беларусі пачынаецца з часоў першабытнага ладу і мае шэраг аналогій і паралеляў у абраднасці індаеўрапейскіх народаў[2]. Беларуская вясельная абраднасць, узнікшы ў старажытныя паганскія часы, захавала трывалыя рысы паганства, па сведчанні даследчыкаў, да XIX ст.[3].Трэба адзначыць, што за такі працяглы час яна значна змянілася,асабліва пад уплывам хрысціянства. Але ў першыя часы пасля прыняцця хрысціянства (X—XII стст.) формы шлюбу не зазналі істотных зменаў — вясельная абраднасць заставалася практычна аднолькавай для ўсіх пластоў насельніцтва.
3 XII ст. адзначаецца імкненне арыстакратыі да царкоўнай шлюбнай традыцыі, але большасць насельніцтва трымалася старажытных і паганскіх абрадаў.
У сямейным побыце захоўваліся традыцыі, што заўсёды суправаджалі чалавечае жыццё, — шлюбныя абрады, абрады нараджэння і пахавання. Шлюб у гэтым паслядоўным коле займаў цэнтральнае месца. Пераважная большасць апісанняў шлюбнай абраднасці датычыцца сельскай мясцовасці, жыцця сялянства. Нягледзячы на тое, што гарадское насельніцтва актыўна папаўнялася сельскім у перыяд свайго юрыдычнага афармлення (канец XIV—XVI ст.), у гарадскім побыце адзначаецца паступовае знікненне элементаў традыцыйнай сялянскай абраднасці.. Элементы старажытнага вясельнага цырыманіялу шырока выкарыстоўваліся хрысціянскай царквой. Хрысціянская сімволіка шлюбнага злучэння павінна была замяніць аналагічны інстытут паганскага асвячэння шлюбу, і паганская рэлігійнасць спрасціла гэтую задачу. У паганстве важную ролю пры злучэнні ў шлюб адыгрываў абрад крадзяжу "каля вады". Хрысціянская царква прыстасавала гэты элемент да сваёй традыцыі, прапанаваўшы замест яго царкоўнае вянчанне. Аднак яшчэ доўга пасля прыняцця хрысціянства гэты абрад замяняў царкоўнае вянчанне, што пацвярджае трываласць паганскай традыцыі..
Вясельны абрад як працэс можна раздзяліць на тры паслядоўныяі этапы: падрыхтоўчы, вянчанне, вяселле. Першы, падрыхтоўчы, меў фармальна-бытавое значэнне. На гэтым этапе афармлялася пагадненне бакоў (змовіны), удакладняліся найважнейшыя матэрыяльныя аспекты будучай сямейнай суполкі, тэрміны, арганізацыйныя ўмовы вяселля, запрашэнне гасцей.
Падрыхтоўчы этап, як і астатнія, меў свой пэўны, вызначаны парадак. Для таго каб пагадненне было сапраўдным, захоўваліся звычаі і абрады, якія сімвалізавалі заручыны, тоесныя "вялікім запоінам". "Запоіны" падзяляліся на малыя і вялікія і пачыналіся звычаем "сугляд" — сватаннем, аглядам бакамі будучых мужа і жонкі ды іх блізкіх. Абрад "малыя запоіны" выконваўся пры атрыманні прынцыповай згоды бакоў і бацькоў нявесты. Скасаванне дамовы на гэтым этапе шлюбнага працэсу не мела ніякіх юрыдычных вынікаў. "Вялікія запоіны" ўяўлялі сабой абрад канчатковых змовін аб тэрмінах, умовах, парадку вяселля. Пад час змовін у доме нявесты, дзе збіраліся бацькі і родныя жаніха, вызначаліся пасаг і вена. Калі жаніх і нявеста былі розных хрысціянскіх веравызнанняў, то дамаўляліся аб веравызнанні будучых дзяцей[4]. Вынікі змовін афармляліся пісьмовым пагадненнем, падпісаным жаніхом і бацькам нявесты[5]. Калі ў нявесты не было бацькі, дамову, або змоўны ліст, падпісвалі маці і браты або апякун. У выпадку скасавання пагаднення пасля падпісання названай дамовы прадугледжваліся санкцыі ў выглядзе ўплаты зарукі– кампенсацыі шкоды пацярпеламу боку. У сувязі з юрыдычнай значнасцю змоўнага ліста існаваў асаблівы парадак яго афармлення. Ліст павінны быў замацоўвацца подпісамі і пячаткамі бакоў і сведак; гэтыя дакументы ўносіліся ў актавыя кнігі судоў[6].
Апошнім абрадам падрыхтоўчага этапу былі заручыны, у часе якіх адбывалася перадача пярсцёнкаў, што сімвалізавала згоду бакоў і іх бацькоў на шлюб і пераход улады над нявестай да яе будучага мужа. Нярэдка гэты абрад выконваўся пад час "вялікіх запоін" і падпісання змоўнага ліста.
Наступным этапам было вянчанне, якое ўзнікла з прыняццем хрысціянства. 3 цырымоніяй вянчання спалучаліся некаторыя паганскія абрады і звычаі, што суправаджалі ўступленне ў шлюб, напрыклад каравайны, згодна з якім жаніх браў у царкву каравай хлеба, бо ён лічыўся святым паганскім сімвалам шлюбнага паяднання. Існавалі і іншыя абрады, што суправаджалі ад'езд жаніха і нявесты ў царкву[7]. Усе яны былі традыцыйна магічнымі і сімвалізавалі ўрадлівасць і багацце, звязаныя з хатнім культам продкаў.
Царкоўнае вянчанне як этап шлюбнага абраду афармлялася на працягу стагоддзяў. У XIII—XVI стст. да царкоўнага вянчання ставіліся як да элемента падрыхтоўчага этапу. Таму звычайна яно ажыццяўлялася задоўга да вяселля, адначасова са змовінамі і заручынамі[8]. Гэтым царкоўнае вянчанне прыраўноўвалася да дамовы, забяспечанай грашовай зарукай.
Трэцім этапам вясельнай абраднасці было ўласна вясеяле. Змест яго вызначаўся колькасцю цырымоній, іх маляўнічасцю і значэннем. Пачаткам вяселля лічылася замешванне цеста для каравая (каравайны абрад), яго выпечка. У гэты момант адбываўся збор жаніховай дружыны і ад'езд па нявесту (мяркуецца, што ў аснове гэтай традыцыі ляжыць звычай выкрадання). "Пір вясёлы" пачынаўся спачатку ў нявесты, а затым працягваўся ў жаніха. Асноўны момант вяселля — абрад "злучэння маладых", што змацоўвае і аб'ядноўвае маладых на "доўгі век". Па сваёй важнасці ён адпавядаў пазнейшаму царкоўнаму вянчанню. Пасля "злучэння" нявеста лічылася жонкай, праводзіўся абрад расплятання і "выкупу касы", адзявання галаўнога ўбору замужняй жанчыны, затым — абрады "піру", "пасцельны" і падзелу каравая паміж усімі ўдзельнікамі "піру".
Апошнім абрадам, што завяршае вясельны цыкл, былі пярэзвы (апошняя вясельная размова) — элемент грамадавага побыту. "Пір" грамады пасля вяселля быў неабходны для забеспячэння поўнага ўдзелу "...у святарных дзеях усіх дворышчаў дадзенага родавага аб'яднання"[9].
Беларуская вясельная абраднасць ідзе сваімі каранямі да старажытнай паганскай эпохі, да матрыярхату і сімвалізуе такія асноўныя формы шлюбу, як выкраданне і купля[10].  Шлюб у форме куплі ўяўляў сабой па сутнасці шлюб па згодзе, а выкраданне, якому папярэднічала змова маладых, было распаўсюджанае аж да XVI—XVII стст. і сустракалася нават у XIX ст.[11]. У хрысціянскую эпоху выкраданне нявесты звычайна замацоўвалася царкоўным вянчаннем. У сувязі з тым што шлюбныя дачыненні рэгуляваліся не толькі звычаёвым правам і свецкім заканадаўствам, але ў большай ступені кананічным (царкоўным) правам, неабходна разгледзець асноўныя палажэнні хрысціянскага вучэння аб царкоўным шлюбе.
2.Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам.
Хрысцінская царква, паводле Евангелля ад Мацвея[12]  ды іншых крыніц, аддае ў ідэале перавагу бясшлюбнаму жыццю (для слугавання Госпаду). Прызнаючы бясшлюбнасць вышэйшай за шлюб, яна разглядала апошні як неабходную ўступку чалавечай слабасці і ў сваім маральным вучэнні прызнавала шлюб неабходным і трывалым звязам, прапагандуючы яго непарушнасць. У пачатковы перыяд усталявання хрысціянства з прычыны супярэчнасцяў паміж хрысціянскім вучэннем і звычаямі свецкага грамадства царква не вызначыла свайго стаўлення да факта скасавання шлюбу, што пазней спрычынілася да ўзнікнення розных падыходаў да гэтай праблемы ва ўсходняй і заходняй царкве.
Пад уплывам канцэпцыі свецкага заканадаўства, найперш рымскага права, фарміравалася хрысціянская канцэпцыя скасавання шлюбу і адпаведнае царкоўнае заканадаўства. 3 сярэдзіны IX ст., калі рымскі папа і галава ўсходняга хрысціянства імператар Леў Мудры ўзаконілі царкоўнае вянчанне, гэты акт лічыўся царквою пачаткам шлюбу. Царква прыняла рымскае азначэнне шлюбу. У Кормчую і ўсе кананічныя грамадзянскія зборнікі было ўнесена азначэнне шлюбу, якое дадзена вядомым рымскім юрыстам Мадэстынам і ўвайшло ў Дыгесты Юстыніяна, адкуль было запазычана царквой. "Шлюб ёсць хаўрусам мужа і жонкі, супольнасцю ўсяго жыцця, з'яднаннем боскага і чалавечага права"[13].
3 гледзішча рымскіх юрыстаў, шлюб паводле сваёй сутнасці мае агульны характар з іншымі юрыдычнымі дачыненнямі, заснаванымі на ўзаемна выражанай волі, гэта значыць на дамове, але паводле свайго прадмета і мэты адрозніваецца ад усіх іншых пагадненняў, бо накіраваны не на дзеянні і правы, што маюць рэчавую або грашовую вартасць, а на дачыненні, вызначаныя бестэрміновай дамовай. Менавіта наяўнасць грамадзянскіх элементаў у шлюбным звязе вызначыць у далейшым падзел юрысдыкцыі паміж свецкай і канфесійнай уладай.
Царква вызначыла наступныя этапы працэсу злучэння ў шлюб: заручыны, складанне пісьмовага кантракта — змоўнага ліста, прыняцце блаславення ў храме і заключны этап — надзяванне вянцоў маладымі (вянчанне)[14].
Гэтыя цырымоніі да сярэдзіны XVI ст. былі не абавязковыя, асабліва ў асяроддзі простых людзей, таму што Леў Мудры ў IX ст. зацвердзіў вянчанне толькі свабодным, шлюбныя дачыненні несвабоднага насельніцтва рэгуляваліся звычаямі. 3 часам пашыралася меркаванне пра неабходнасць царкоўнага вянчання, і ў 1563 г. Трыдэнцкі сабор вынес пастанову пра абавязковасць царкоўнага вянчання як умову законнасці шлюбу.
Галоўным момантам злучэння ў шлюб была ўзаемная згода жаніха і нявесты, а таксама родных або асобаў, якія іх замяняюць. "Не можа быць учынены шлюб інакш як па згодзе ўсіх, г.зн. тых, хто ўступае ў шлюб і ў чыёй уладзе яны знаходзяцца"[15]. Згода бакоў была галоўнай умовай сапраўднасці шлюбу, яе парушэнне мела вынікам несапраўднасць шлюбу. На сапраўднасць шлюбу ўплывалі ўзрост, знаходжанне ў шлюбе з іншай асобай, роднасць кроўная, духоўная і цывільная (грамадзянская), сваяцтва, веравызнанне, учыненне злачынства супраць шлюбу.
Заходняя і ўсходняя царква па-рознаму ставіліся да царкоўнага вянчання. Заходняя, больш звязаная з нормамі рымскага права, лічыла гэты акт толькі ўмовай надання шлюбу публічнасці. Адсюль вынікала пасіўная роля святара ў момант вянчання і прызнанне царквой таемнага шлюбу, паколькі сутнасцю шлюбу, асновай яго сапраўднасці была згода бакоў. У далейшым рымская царква стала забараняць таемны шлюб, бо немагчыма было даказаць наяўнасць шлюбу паміж асобамі, калі адна з іх адмаўляла яго. Пры гэтым царква імкнулася ў першую чаргу надаць шлюбу публічнасць. Сапраўдным лічыўся шлюб, калі згода жаніха і нявесты заяўлена перад святаром або перад натарыусам. Да XIII ст. роля святара палягала толькі ў блаславенні і малітве, пазней ён стаў ажыццяўляць перадачу нявесты жаніху ў імя Бога і абвяшчаць жаніха і нявесту мужам і жонкай.
Трыдэнцкі сабор пастановамі 1561—1563 гг. больш строга рэгламентаваў працэс шлюбавання. Сабор выпрацаваў законную форму ўступлення ў шлюб, ад якой ужо поўнасцю залежала яго сапраўднасць. Было пастаноўлена, што законнае шлюбаванне павінна адбывацца ў царкве пры заяўленні бакамі згоды на шлюб у прысутнасці прыходскага святара і двух сведак. У Вялікім княстве пастановы Трыдэнцкага сабора былі ўведзеныя ў 1577 г.
Усходняя царква (падзел хрысціянства адбыўся ў 1054 г.) інакш трактавала абрад царкоўнага вянчання. Таемствам прызнаваўся абрад царкоўнага вянчання, царкоўны сакрамент, а не сам шлюб. 3 гэтага вынікала актыўная роля святара ў абрадзе вянчання і непрызнанне сапраўднымі таемных шлюбаў з прычыны таго, што яны адбываліся без удзелу святара. Судовая практыка ў княстве сведчыць пра наданне вянчанню ў XVI ст. важнага юрыдычнага значэння.
Вянчанне ў спрэчных выпадках было падставай вынясення дэкрэтаў па справах не толькі пра асабістыя, але і пра маёмасныя правы. Нават да пастановаў Трыдэнцкага сабора ў першай палове XVI ст. вянчанне было абавязковай падставай законнасці паходжання і правоў спадчыннікаў для ўсіх станаў. Пра гэта сведчыць судовая справа 1528 г.[16]
Наступнай умовай сапраўднасці шлюбу, з гледзішча хрысціянскай царквы, ёсць узрост, бо ён вызначаў фізічную і духоўную здольнасць да шлюбу. Усходняя царква вызначыла шлюбны ўзрост для мужчын 15 гадоў, для жанчын — 12, заходняя — адпаведна 14 і 12 гадоў.
Важнай умовай сапраўднасці шлюбу была свабода ад пэўнага становішча. Такім становішчам, напрыклад, лічылася наяўнасць шлюбу з іншай асобай. Другі шлюб, узяты пры існаванні першага, лічыўся несапраўдным ад самага пачатку.
Кананічнае права разглядала знаходжанне ў шлюбе як перашкоду (юрыдычную і Боскую) і распаўсюджвала гэта на ўсе веравызнанні, дапускаючы магчымасць другога шлюбу толькі па смерці першага сужэнца. Таксама рэгламентавалася колькасць паслядоўных шлюбаў. Заходняя царква ўступленне ў трэці шлюб строга абмяжоўвала пэўнымі ўмовамі (узрост, наяўнасць дзяцей і г.д.). Усходняя царква трэці шлюб дазваляла без абмежаванняў, а чацверты забараняўся і ёю. Расійская праваслаўная царква далучала да агульнай колькасці шлюбаў і тыя, што былі прызнаныя несапраўднымі.
1 2 3 4 5 6 7 Следующая страница


Сям я і шлюб у феадальным праве Беларусі

Скачать курсовую работу бесплатно


Постоянный url этой страницы:
http://referatnatemu.com/157



вверх страницы

Рейтинг@Mail.ru
Copyright © 2010-2015 referatnatemu.com