Реферат на тему "Сям я і шлюб у феадальным праве Беларусі"




Реферат на тему

текст обсуждение файлы править категориядобавить материалпродать работу




Курсовая на тему Сям я і шлюб у феадальным праве Беларусі

скачать

Найти другие подобные рефераты.

Курсовая *
Размер: 63.65 кб.
Язык: русский
Разместил (а): Таццяна
Предыдущая страница 1 2 3 4 5 6 7 Следующая страница

добавить материал

У выпадку, калі дачка выходзіла замуж пры жыцці бацькі, ёй павінны быў патрабаваць ад зяця забеспячэння пасагу ў выглядзе афармлення вена[78].
Асновы інстытута сямейнага права, закладзеныя ў першым Статуце, засталіся нязменнымі па сваёй сутнасці ў Статутах 1566 і 1588 гг., але развіваліся далей паводле формы і кола рэгулявання правадачыненняў.
Статут 1566 г. пашырыў паняцце пасагу. Замацоўваючы, як і раней, парадак забеспячэння пасагу на траціну (1/3) нерухомай маёмасці мужа, Статут прадугледжваў выпадак, калі гэтая траціна не будзе адпавядаць суме пасагу. У такім разе прызнавалася правамернай купля бацькам нявесты маёнтка ва ўласнасць дачкі. Пры гэтым прадугледжвалася супольнае карыстанне маёнткам пры жыцці мужа і жонкі, але пасля смерці мужа ён заставаўся ўласнасцю жонкі[79]. Названы Статут рэгламентаваў далейшы лёс пасагу: у выпадку, калі ад шлюбу не было дзяцей і жонка не завяшчала нікому свайго ўнясення, апошняе вярталася ў дом, з якога яна выходзіла замуж[80].
Статут 1566 г. адрозна ад Статута 1529 г. падрабязна разглядаў складовыя часткі пасагу — уласна пасаг і выправу, а таксама атрыманне сумы вена шляхам падвойнай ацэнкі пасагу (г.зн. пасаг плюс прывенак)[81]. Але прынцып вылучэння пасагу той жа, што і паводле Статута 1529 г.: калі не прадугледжана іншае, то чвэрць бацькоўскай маёмасці паступае ў пасаг дочкам. Статут 1566 г. падрабязней рэгуляваў парадак вылучэння пасагу братамі, іпатэку сясцёр на гэтую маёмасць да моманту выдачы пасагу. Прызнана магчымым выдаваць пасаг з чвэрці нерухомай маёмасці або самую чвэрць. Брат мусіў аддаць суму пасагу сястры ва ўсялякім выпадку, калі ж ён растраціў яе, то павінны быў вярнуць гэтую суму як уласны доўг[82].
Другі Статут прадугледжваў выпадак, калі браты не маглі ўзяць апеку над сёстрамі з прычыны розных акалічнасцяў. У такім разе сёстрам давалася права карыстацца той доляй маёмасці, якая вызначана ім на пасаг, гэта значыць сёстры ўтрымліваліся на чвэрці маёмасці пад апякунствам прызначанага апекуна[83].
Названы Статут падрабязней, чым Статут 1529 г., рэгуляваў дачыненні па пасагу. Так, калі бяздзетная дачка памерла і не распарадзілася сваім пасагам, дык ён вяртаўся ў дом, з якога памерлая ў свой час выйшла замуж (дом бацькі). Калі ж яна атрымала ўнясенне ад братоў, то права на спадчыну гэтага ўнясення пасля яе смерці мела незамужняя сястра. Калі браты захочуць узяць унясенне памерлай сястры сабе, дык незамужняй сястры з усёй чвэрці супольнай маёмасці выдзяляліся пасаг і выправа[84].
У выпадку незабеспячэння пасагу з траціны нерухомай маёмасці мужа трэці Статут, як і Статут 1566 г., прадугледжваў куплю бацькамі нявесты маёнтка, які станавіўся яе ўласнасцю. Па смерці бяздзетнай жонкі пасаг мусіў быць вернуты ў дом, з якога яна выйшла замуж[85]. Тым самым пацвярджалася канцэпцыя размежаванасці маёмасці мужа і жонкі, паколькі лёс купленага маёнтка, названага супольным для карыстання мужа і жонкі, супадаў з лёсам унясення — галоўнай рэчы. Значыць, заява пра супольнасць маёмасці была зроблена ў законе дэкларатыўна. Можна казаць пра супольнае карыстанне маёмасцю мужа і жонкі да пэўных межаў, але не пра супольную сямейную ўласнасць.
Статут 1588 г. паглыбіў рэгуляванне прававых дачыненняў па вызначэнні пасагу. У выпадку рознагалоссяў паміж братамі і сёстрамі наконт ацэнкі чвэрці маёмасці для пасагу яе рабіла службовая асоба (падкаморы) у прысутнасці двух шляхцічаў[86]. Адсюль вынікае, што сямейныя традыцыі траплялі ў заканадаўства.
Калі брат страціў чвэрць маёмасці, выдзеленай на пасаг сястры, апошняя паводле названага Статута мела права падаць пазыўны ліст не да брата, а да той асобы, якая валодала гэтай маёмасцю ў момант паклікання да суда[87].
Статут 1588 г. унёс яшчэ адно дапаўненне ў рэгуляванне дачыненняў да пасагу[88]: выдадзеныя замуж пры жыцці бацькі дочкі страчвалі права патрабаваць вылучэння долі пасагу ад братоў. Апрача таго, калі сёстры былі выдадзеныя братамі без пасагу, дык вызначаўся дзесяцігадовы тэрмін даўніны ад моманту выхаду сястры замуж. Цягам гэтага часу права на спозыск па пасагу мелі дзеці сясцёр.
Статут дапаўняў рэгуляванне дачыненняў па атрыманні ў спадчыну пасагу бяздзетнай удавы. Гэты пасаг вяртаўся ў дом, з якога жанчына выйшла замуж, але такая маёмасць трапляла братам толькі пры адсутнасці незамужніх сясцёр. У такім разе пасаг атрымлівалі ў спадчыну браты або іх нашчадкі. Калі ж не было ні братоў, ні іх нашчадкаў, яго атрымлівалі сёстры, але выдадзеныя замуж, і іх нашчадкі[89].
Пры скасаванні шлюбу лёс пасагу вызначалі духоўны і свецкі суды[90]. Духоўны суд выносіў пастанову аб вінаватасці або невінаватасці бакоў, а свецкі суд на яе падставе вызначаў прыналеж-насць пасагу. Пры адсутнасці віны сужэнцаў у скасаванні шлюбу кож-ны бок заставаўся пры сваёй маёмасці, жонка мела права на свой пасаг. У выпадку віны жонкі яна пазбаўлялася пасагу.
Калі шлюб спыняўся з прычыны смерці жонкі, яе пасаг атрымлівалі па спадчыне дзеці, а пры адсутнасці апошніх, калі пасаг нікому не быў запісаны тэстаментам, ён вяртаўся ў дом родных памерлай.
Страта права на пасаг прадугледжвалася як санкцыя за выхад замуж без згоды бацькоў. Статут 1529 г. упершыню прадугледзеў такую маёмасную санкцыю, як пазбаўленне пасагу за парушэнне гэтай традыцыі[91]. Другі Статут дапоўніў гэтую норму: пры адсутнасці бацькоў права даваць згоду на шлюб пераходзіць да апекуноў, старэйшых братоў, іншых родных або адміністрацыйнай асобы. У сувязі з тым што адсутнасць згоды на шлюб пазбаўляла нявесту пасагу, заканадаўца прадугледзеў умовы, якія не дапускалі выкарыстання гэтай акалічнасці ў карыслівых інтарэсах асобаў, што замяняюць бацькоў. Нявеста пры адмове ў згодзе на шлюб мела права звярнуцца да дзяржаўнай улады, але пры наяўнасці дзвюх умоваў: 1) ёй павінна быць не менш за 15 гадоў, 2) жаніх яе мусіў быць адпаведнага стану, напрыклад шляхціч для шляхцянкі[92]. Статут 1588 г. дапоўніў гэтую норму, даўшы дзяўчыне-сіраце права самой валодаць той доляй маёмасці, з якой ёй павінны быць вызначаны пасаг, і забяспечваць сябе з гэтай маёмасці, тым самым пашырыўшы яе асабістыя і маёмасныя правы. Гэтая норма сведчыць пра важную ролю пасагу для грамадскага статусу жанчыны.
Аналіз заканадаўства, якое рэгулявала дачыненні па пасагу, дазваляе зрабіць выснову аб развітасці гэтага інстытута ў шлюбна-сямейным праве Беларусі XVI ст. Пра даволі завершаны характар яго сведчыць наяўнасць нормаў, што адсутнічалі ў польскім заканадаўстве XVI ст., напрыклад вызначэнне фіксаванай долі ў памеры чвэрці бацькоўскай маёмасці. Гэтая норма запазычана са Статутаў Вялікага княства як польскім, так пазней і расейскім заканадаўствам.
Тагачасныя грамадска-палітычныя дзеячы М. Літвін і А. Валян актыўна пратэставалі супроць такога пашырэння маёмасных правоў жанчын, бо лічылі, што валоданне буйнымі зямельнымі абшарамі падрывае асновы вайсковай службы з зямлі, а багаты пасаг нявесты згубна ўплывае на жаніхоў з гледзішча маралі.
Аднак, паводле меркавання большасці шляхты, шырокія правы жанчын па пасагу забяспечвалі трываласць яе асабістых правоў, гарантыю шляхецкіх вольнасцяў. Гэтыя акалічнасці спрычыніліся да развіцця ў праве Вялікага княства Літоўскага інстытута пасагу.
2.Інстытут забеспячэння жанчыны– вена.
Гісторыя інстытута вена пачынаецца ад перыяду родавага ладу. У Беларусі пасаг пачаткова ўносіўся жонкай у сям'ю мужа, а не яму асабіста і быў істотным укладам у сямейны гаспадарчы фонд, які ўплываў на становішча жанчыны ў новай сям'і. Пасаг на працягу шлюбу заставаўся ў распараджэнні сям'і як частка супольнай сямей-най маёмасці. У далейшым ён разам з маёмасцю мужа пераходзіў па спадчыне да дзяцей і іх нашчадкаў. Але пасаг складаўся з рухомай маёмасці, грошай і каштоўнасцяў, якія маглі быць патрачаныя ў пра-цэсе сямейнага жыцця. У такім разе жонка па смерці мужа заставалася без сродкаў, калі ў яе не было дзяцей і радні. Для ўмацавання становішча ўдавы муж пры жыцці паводле даўнага звычаю, уступаючы ў шлюб, забяспечваў пасаг жонкі пэўнай доляй са сваёй уласнай нерухомай маёмасці, якая называлася венам.
Што да прывілеяў, дык першым інстытут вена закрануў Прывілей ад 20 лютага 1387 г., які прызнаваў права ўдавы на валоданне і карыстанне маёмасцю памерлага мужа да яе ўступлення ў новы шлюб.
Гэта, здавалася б, натуральнае права ўдавы даравана прывілеем як пашырэнне правоў паноў, баяраў і іншых асобаў феадальнага стану. Сапраўды, права ўдавы на пажыццёвае валоданне маёмасцю мужа было ільготай, дадзенай вялікім князем, бо паводле традыцыі ў нашай дзяржаве ён быў найвышэйшым уласнікам зямельных уладанняў. Згодна са звычаем, калі ў памерлага не было ні дзяцей, ні радні, зямельнае ўладанне пераходзіла ("спадала") да манарха, таму што ён замяняў у спадкаемстве кроўных. Удава атрымлівала пражытак ў выг-лядзе пражывання на маёмасці нябожчыка. Вялікі князь мог перадаваць гэтую спадчыну каму хацеў. У такім разе той, каму падаравана маёмасць, павінны быў забяспечыць пражытак, "кармленне", удавы на маёнтку. Вельмі часта праз шлюбы з удовамі, якія заставаліся на маёмасці, разгледжаныя ўладанні пераходзілі да іншых асобаў.
Правы ўдавы былі пашыраны ў Прывілеі 1413 г., які дазваляў рабіць запісы на карысць жонак на вотчыннай і дараванай манархам маёмасці. Тым самым становішча ўдоваў яшчэ надзейней гарантавалася правам.
Прывілей 1447 г. зацвярджаў правы ўдоваў на ўладанне маёмасцю да паўторнага замужжа або наагул да таго, пакуль "на ўдовіным стальцы" сядзець будуць (захоўваць стан удавы). Пры ўступленні іх у шлюб маёмасць пераходзіла дзецям або блізкай радні мужа (п. 7). Акрамя таго, замацавана права ўдавы на нейкую долю (дакладна не вызначана) вена, якую муж запісаў ёй адпаведна са звычаем. Удава магла распараджацца венам паводле свайго меркавання (п. 8). Паз-ней гэтыя значныя ільготы ўдавы былі ў некаторай меры абмежаваныя правамі іншых асобаў, найперш дзяцей і блізкіх мужа. Валоданне вотчыннай маёмасцю мужа на правах вена патрабавала ад удавы выканання земскай і вайсковай службы. Значыць, да гэтага часу правы ўдавы на ўладанне сталі рэальнасцю. Названае патрабаванне пацвярджае факт шырокага распаўсюджання такіх уладанняў, што вымагала дзеля функцыянавання дзяржаўных інстытутаў выканання звязаных з гэтым абавязкаў (п. 28). Апрача таго, у Прывілеі 1447 г. рэзка абмяжоўваліся правы жанчын, якія выходзілі замуж за межы Вялікага княства Літоўскага. Такая жанчына пазбаўлялася права валодання вотчыннай маёмасцю і магла ўзяць з сабою толькі пасаг у грашах (п. 38). Гэтая норма павінна была папярэдзіць пранікненне ў нашу краіну замежнікаў, найперш палякаў, і абмежаваць іх уладанні. У XVI ст. яна ўжо не выкарыстоўвалася.
Паводле Жмудскага прывілея 1492 г. удава мела права на ўладанне маёмасцю памерлага мужа да таго часу, пакуль яна была ў становішчы ўдавы. У выпадку яе замужжа маёмасць пераходзіла спадкаемцам мужа, а ўдаве заставаўся пасаг, прызначаны ёй памерлым мужам.
Больш жорстка абмежаваў правы ўдавы на маёмасць памерлага мужа Бельскі прывілей Аляксандра (1501 г.). Удава пры атрыманні пасагу або вена па смерці мужа (пры адсутнасці дзяцей) вяртала яго бацькам або блізкім, якія выдавалі яе замуж. У адваротным выпадку яна страчвала права на сваю долю ў спадчыне бацькі. Калі ўдава прэтэндавала на частку спадчыны (напрыклад, толькі на мацярынскую) або была адзінай спадкаемкай, то вяртанне пасагу або вена не патрабавалася[93].
У Смаленскім прывілеі 1505 г. адзначаны шырокія правы ўдавы і пацверджана яе права на пажыццёвае валоданне маёмасцю мужа і на свабодны выхад замуж.
У Полацкім прывілеі 1511 г. за ўдавой замацавана валоданне маёмасцю памерлага мужа да выхаду яе замуж. У выпадку замужжа ёй заставалася тое, што запісаў муж (дарэчы, памеры гэтай часткі законам не вызначаліся). Пры гэтым удава павінна была паведаміць радні мужа, што ён запісаў ёй, а маёмасць пакінуць спадкаемцам мужа. дзначана права свабоднага выхаду замуж.
Ухвала, дадзеная Віленскім соймам 16 студзеня 1509 г., завяршыла прававое фармаванне інстытуту вена. Яна найбольш поўна ўвасобіла канцэпцыю аб праве ўдоваў на матэрыяльнае забеспячэнне з улікам інтарэсаў іншых спадчыннікаў, упершыню канкрэтна вызначыла памеры вена, парадак карыстання і атрымання яго ў спадчыну. Гэтыя нормы ўвайшлі ў Статут 1529 г. і наступныя з невялікімі ўдакладненнямі.
Паводле Ухвалы 1509 г. вена складала траціну нерухомай маёмасці (спадчыннай або выслужанай). Пры гэтым блізкія мужа мелі права выкупіць яе са згоды ўдавы. Калі ўдава заставалася на сваёй і траціне, гэтую частку пасля яе атрымлівалі ў спадчыну дзеці. Калі ж дзяцей не было, удава магла завяшчаць яе каму заўгодна. У сваю чаргу родныя мужа маглі выкупіць вена ў спадчынніка, заплаціўшы „кошт вяноўнай маёмасці, акрамя прывенкаЅ. Па смерці ўдавы маё- масць атрымлівалі ў спадчыну блізкія. Хто менавіта, ухвала не ўдакладняла. Але калі з першай часткі нормы вынікае, што жонка (удава) — уласніца кошту вена, дык з другой незразумела, які менавіта парадак спадкавання ўсёй маёмасці ў выпадку адсутнасці ва ўдавы і дзяцей. Можна толькі меркаваць, што спадкаемцамі былі блізкія мужа. Абмежаванне маёмасці, якая ішла ў вена, трацінай нерухомасці мужа засноўвалася на даволі распаўсюджаным звычаі, паводле якога , ўладальнік мог свабодна (без згоды родных) распараджацца толькі трэцяй часткай ляжачай маёмасці ў дамовах падаравання, продажу, абмену, залогу ды інш., што мелі мэтай адчужэнне гэтай маёмасці.
Такім чынам, палажэнні прывілеяў паступова фармавалі інстытут сямейнага права, і перадусім рэгулявалі маёмасныя правадачыненні паміж сужэнцамі. Нявызначанасць у прывілеях наконт долі маёмасці ўдавы сведчыла, верагодна, аб неразвітасці гэтага інстытута, бо маёмасць разглядалася ўсё яшчэ ў асноўным як сямейная ўласнасць. Але развіццё таварна-грашовых дачыненняў і вылучэнне індывідуальных правоў патрабавалі дэталёвага развязання дадзенай праблемы.
3 аналізу прывілеяў можна зрабіць выснову, што соймавая Ухвала 1509 г. ёсць вынікам развіцця інстытута вена дастатутавага перыяду. Да гэтага часу склад і памер вена вызначаліся, згодна з мясцовымі звычаямі, або пагадненнем жаніха з роднымі нявесты, або паводле меркавання мужа. Можна таксама сцвярджаць, што інстытут вена быў адным з галоўных кірункаў развіцця сямейных маёмасных дачыненняў і найбольш урэгуляваным інстытутам сямейнага права. 3 прычыны сваёй беспасярэднай сувязі з вотчыннай феадальнай уласнасцю гэты інстытут ўяўляла адзін з галоўных клопатаў феадалаў (шляхты), пра што сведчыць пашырэнне правоў удавы ў валоданні нерухомасцю мужа да сярэдзіны XV ст. Правы мужа і жонкі наконт выдзелу вены, распараджэння ім і яго далейшага лёсу вызначаюцца гаспадаром у прывілеях як падараванне ільгот, як пашырэнне свабод і вольнасцяў шляхты.
Эканамічныя змены ў канцы XV—XVI ст., развіццё таварна-грашовых дачыненняў і правасвядомасці грамадства патрабавалі прававога афармлення гарантаванасці вяноўнай маёмасці. Партыкулярызм звычаёвага права розных земляў чыніў перашкоды на гэтым шляху, што выклікала неабходнасць уніфікацыі права. У гэтым аспекце Ухвала 1509 г. у пэўнай меры сінтэзавала найбольш выразныя рысы працэсу фармавання інстытута сямейнага права паводле земскага права. У азначаны перыяд яскрава праявілася тэндэнцыя да абмежавання права ўдавы на валоданне нерухомасцю мужа, але ў той жа час існавала дакладнае афармленне размежавання маёмасці мужа і жонкі, пра што сведчыць вызначэнне долі вяноўнай маёмасці (не болей за траціну нерухомасці мужа) і парадку атрымання яе ў спадчыну па смерці сужэнца. Інстытут вена выконваў функцыі аховы правоў па маёмасці жонкі, удавы, адбылася стабілізацыя інстытуті забеспячэння ўдавы.
Далейшае развіццё інстытут вена атрымаў ў Статуце 1529 г. Паводле яго,[94] частка маёмасці мужа, на якую павінна афармляцца вена, складала не болей за траціну яго нерухомасці. У выпадку смерці мужа ўдава заставалася на гэтым вене, усю астатнюю маёмасць атрымлівалі ў спадчыну дзеці. Статут таксама рэгуляваў дачыненні і афармляў становішча ўдавы пры адсутнасці вена. У такім разе ўдава атрымлівала аднолькавую з дзецьмі частку маёмасці, аднак калі ад шлюбу было адно дзіця, то ўдава атрымлівала трэць усёй спадчыннай маёмасці. У выпадку выхаду яе замуж маёмасць удавы заставалася дзецям. Калі ў невенаванай удавы былі дзеціI ад двух шлюбаў, дык яна мела права на долю, роўную з дзецьмі, у маёмасці першага і другога мужа[95].
Статут рэгуляваў становішча бяздзетнай удавы. Яна мела права толькі на сваё вена, астатняя маёмасць мужа пераходзіла яго спадкаемцам. Калі бяздзетная ўдава не мела вена, яна атрымлівала ў пажыццёвае карыстанне траціну нерухомай маёмасці мужа. Гэтую маёмасць спадкавалі родныя мужа пасля выхаду ўдавы замуж або яе смерці.
Предыдущая страница 1 2 3 4 5 6 7 Следующая страница


Сям я і шлюб у феадальным праве Беларусі

Скачать курсовую работу бесплатно


Постоянный url этой страницы:
http://referatnatemu.com/?id=157&часть=4



вверх страницы

Рейтинг@Mail.ru
Copyright © 2010-2015 referatnatemu.com